Клуб ориентирования БГУ Клуб ориентирования
Белорусского государственного университета
главная о клубесоревнованиятренировкибиблиотекагостевая
ВНУ-2010
На мінулых выходных чарговы раз прайшоў адзін з найбольш значных для студэнтаў-арыенціроўшчыкаў старт – Рэспубліканская Універсіяда. Канешне, усе ставяцца да гэтага мерапрыемства па рознаму, але тое, што такога эмацыянальнага напружання на беларускіх спаборніцтвах больш нідзе не сустракаецца – гэта факт. Так адбылося і на гэты раз, але пра ўсё па-чарзе.
 
Сёлета для нашай каманды Універсіяда была не зусім звычайнай. Па-першае, упершыню ў БДУ на трэнерскай пасадзе апынуўся тандэм спецыялістаў, па-другое, незвычайны фармат спаборніцтваў (9 чалавек, незалежна ад полу і тры эстафетныя каманды якія ідуць у залік) падштурхоўваў да трэнерскіх эксперыментаў. І калі яшчэ некалькі гадоў таму, і нават у мінулым годзе, мы ўсе з жахам чакалі і ламалі галаву, як назбіраць хоць колькі больш-менш баездольных дзяўчынак, то сёлета іх у асноўным складзе апынулася ажно 6 чалавек. Астатнія тры пазіцыі занялі хлопцы. Гэты факт быў неадназначна прыняты членамі клуба (асабіста сам я нават сёння лічу што каманда была павінна складацца з 6 хлопцаў і 3 дзяўчынак), але трэнерскі штаб таксама можна зразумець. На механіка-матэматычны факультэт паступіла Юля Цвірбут – якая ўжо сёння з’яўляецца адной з вельмі перспектыўных маладых арыенціроўшчыц у краіне, на якасна новы высокі ўзровень выйшла Наталля Булаткіна з юрыдычнага факультэта, а жаночыя склады астатніх канкурэнтаў аб’ектыўна ўжо зусім не такія як былі раней. Пры ўсім гэтым, узровень іншых дзяўчынак з БДУ таксама ў агульным палепшыўся. Што тычыцца мужчын са складу іншых ВНУ, то іх склад традыцыйна застаўся дужа моцным. Усе гэтыя фактары сталі падмуркам высновы, якую зрабілі трэнеры БДУ.
 
Першым у праграме Універсіяды быў традыцыйна пазначаны спрынт, які адбыўся ва Уруччы па мапе «Уручча-1» (мапа паўфіналу Чэмпіяната Рэспублікі 2009 года). І вось, спаборніцтвы былі адчынены добра знаёмым усім калектывам суддзяў на чале з Іванам Уладзіміравічам Грыгарэвічам, і арыенціроўшчыкі разышліся рыхтавацца да старту.
 
Што тычыцца дыстанцыі, прыемна адзначыць, што сёлета гэта было сапраўднае арыентаванне, а не легкаатлетычны крос як у мінулым годзе. Планіроўшчык граматна разагнаў спарцменаў сярод шматпавярховак, а потым нечакана накіраваў у лес. Не ўсе здолелі справіцца з такім пераключэннем, нажаль і ў нашай камандзе таксама. Але гэта было яшчэ не ўсё: удзельнікаў чакаў яшчэ вельмі цікавы кар’ер, а мужчыны прабягалі праз яго нават два разы. Такім чынам, ад удзельнікаў патрабавалася не толькі высокая хуткасць на дыстанцыі, але і ўменне гэтую самую хуткасць у самы неабходны момант паменьшыць, «уключыць зніжанаю перадачу». На першы план выходзіла ўжо тактыка арыентавання.
 
Як вынік, пераможцам сярод мужчын нечакана стаў Валерый Марчук, які не перамог аніводнага перагона на дыстанцыі, але прабег даволі хутка і без вялікіх памылак. Другое месца засталося за Дзянісам Монічам, а трэцяе за Аляксеем Гудзімчкам. Прыкметна тое, што ўсе вышэйназваныя хлопцы навучаюцца ў БНТУ. Лепшым з нашых арыенціроўшчыкаў у гэты дзень стаў Іван Чагарын, яго вынік – 8 месца і выкананне нарматыва КМС, віншуем. Таксама парадаваў Мікіта Лапо: ён выступаў па-за конкурсам, але таксама добра прабег і выканаў нарматыў КМС. Расчараваннем на спрынце, нажаль, стаў Аляксей Громаў, які ў гэтым сезоне стаў бадай што адным з лідэраў усяго клуба, але на спрынце Універсіяды яго адставанне ад лідэра склала каля 6 хвілін. А вось на жаночай дыстанцыі перамога засталася за прадстаўніцай БДУ. Юля Цвірбут здолела на 5 секундаў апярэдзіць Алену Печур з БНТУ. Трэцяе месца заняла Кацярына Рогаўцава з БДСГА. Выдатны вынік паказала і Таццяна Кузьмянцова, якая прабегла на ўзроўні КМС і заняла 5 выніковае месца. Пасля спрынта ў лідэры безальтэрнатыўна трапіў БНТУ, на другім месцы апынуўся БДУ, ўсяго на 35 балаў апярэдзіўшы БДУФК, які пачаў Універсіяду, шчыра кажучы, слабавата.
 
У суботу адбылася класічная дыстанцыя ў Раўбічах. Арганізатары вырашылі выкарыстаць частку мапы за дамбай ля вёскі Аколіца. Лес гэты арыенціроўшчыкам добра вядомы, таму было зразумела, што будзе цяжка. Надвор’е выдалася спякотным, што яшчэ больш ускладняла задачу спарцменаў. Было заяўлена, што мапа будзе адкарэктаваная, але нажаль, як паказала дыстанцыя, карэкціроўка гэта амаль нічога ў мапе не палепшыла. Месцамі яна «плыла», а на адным з пікетаў рэльеф цалкам не адпавядаў рэчаіснасці. Чаму арганізатары з году ў год выкарыстоўваюць недакладныя мапы, альбо мясцовасці, якія заверагодна не падыходзяць да спаборніцтваў такога ўзроўню – вялікае пытанне, але аб гэтым гутарка пойдзе пазней. У выніку, амаль не знайшлося спарцменаў, якія б «чыста» прайшлі дыстанцыю. Нашым жа арыенціроўшчыкам дыстанцыя далася цяжка ў першую чаргу фізічна.
 
Ізноў парадавала Юля Цвірбут, заняўшы другое месца. Першае месца сярод дзяўчынак заняла Алена Печур, а на трэцім пасля невялічкага «дэкрэтнага» адпачынку мы зноўку ўбачылі Жураўлёву Таццяну з БДПУ. Выправіў памылкі мінулага дня Юрый Тамбасаў з БДУФК, як вынік першае месца. Другое месца засталося за Дзмітрыем Крукавым а трэцяе за Дзянісам Монічам. Аляксей Громаў прабег няблага і заняў 8 месца, літаральна ў адным кроку ад п’едэстала спынілася Наталля Булаткіна. Такім чынам БНТУ ўзмацніў свае лідэрскія пазіцыі, а БДУ яшчэ на 21 бал павялічыў свой адрыў ад БДУФК. А наперадзе ўдзельнікаў чакала эстафета, дзе кожная каманда магла прынесці 300 балаў. Такім чынам, дыскваліфікацыя эстафетнай каманды з БДУ была недапушчальнай, бо сумарны адрыў ад БДУФК за два дні складаў усяго 56 балаў...
 
І вось яна, эстафета. Амаль кожны год, на гэтай дыстанцыі здараюцца нечаканасці, таму яна выклікае вялікую цікавасць як у удзельнікаў, так і ў гледачоў, якія прыехалі на гэты раз у Азярышча, каб пабалець за свае любімыя каманды і адчуць подых напружанай барацьбы. Ужо з першага этапа лідэрства захапілі абедзве мужчынскія і жаночая каманды БНТУ. Прыемна што на першым этапе на зрокавы пункт Наталля Булаткіна прыбегла разам з Веранікай Чэрнік з БНТУ, якая ў выніку паказала лепшы час на этапе. Мужчынская каманда ад лідэраў з БНТУ адстала, але не страціла шанцы на добры вынік. Другі этап значных нечаканасцяў не прынес. Канстанцін Мядзведзеў з другой мужчынскай каманды БНТУ зрабіў шэраг памылак, дазволіўшы на некалькі хвілінак наблізіцца да сваёй эстафетнай каманды хлопцам з БДУФК. Нашы хлопцы пасля другога этапа займалі 5 месца, а дзяўчынкі чацвертае, з неблагімі разлікамі на прызавую тройку: за нас на трэцім этапе выступала Юля Цвірбут, а за БДПУ першаразрадніца Марыя Абромчык, шчыра кажучы не самая знакамітая арыенціроўшчыца. Грышанава Наталля, якая бегла за БДУФК, таксама апошні час не адзначалася вельмі добрамі вынікамі, а Кацярына Васілеўская, якая на гэты раз бегла за БНТУ, хоць і ветэран студэнцкага арыентавання, усёж такі па-ранейшаму вельмі нестабільная. Трэці этап стаў па-сапраўднаму нечаканым. На зрокавы КП першай прыбегла... Марыя Абромчык, і толькі праз некаторы час Кацярына Васілеўская, якая зрабіла велізарную памылку на адным з КП. Нажаль, Юля Цвірбут таксама не здолела прайсці дыстанцыю без памылак, як вынік – трэцяе месца. Другое месца заняла каманда БНТУ, а першае зусім нечакана БДПУ. Таксама нечакана была дыскваліфікавана Наталля Грышанава з БДУФК – яна не адзначыла адзін з КП на дыстанцыі. Другая дзявочая каманда з БДУ выступіла таксама няблага і заняла 5 месца.
 
А вось сярод мужчынскіх калектываў усё было больш прадказальна: першае месца – БНТУ, другое – БНТУ-2, трэцяе месца, дзякуючы намаганням Юрыя Тамбасава, які прадэманстраваў фенаменальную хуткасць, засталося за БДУФК. Нашы хлопцы былі здольныя і на чацвертае месца, але Аляксей Громаў напрыканцы дыстанцыі зрабіў значную памылку. Затое атрымаўся цікавы фініш: да 100 пункта адначасова прыбег Аляксей Громаў, Аляксандр Ходан і Віталь Пенкрат. У выніку спрынтарскай спрэчкі мацнейшым стаў наш аднаклубнік. Такім чынам нашы хлопцы занялі пятае месца.
 
На гэтым спартыўная праграма была завершана, а ўдзельнікі засталіся чакаць цэрэмонію ўзнагароджвання. Першае месца з велізарным адрывам засталося за БНТУ, другое месца заняў БДУ, а трэцяе – нечакана БДПУ.
 
Вось так прайшла чарговая Універсіяда, і я скажу ... нажаль. Нажаль яна прайшла ізноў як заўсёды, са значнымі недахопамі ў арганізацыі. Па-першае, гэта праблемы са станцыямі для адзнакі. Так, у другі дзень адна са станцый не падавала гукавы сігнал, але адзнака на ЧЫПе праходзіла. Атрымалася так, што некаторыя удзельнікі, забівалі ЧЫП адзнакамі гэтага праблемнага КП, і на астатніх станцыях, зразумела, гэты ЧЫП ужо не працаваў. Нягледзячы на гэта, ўсе ўдзельнікі не былі дыскваліфікаваны. Я спадзяюся, што Аляксей Лабчэўскі выпісаў інфармацыю са станцый праблемных КП аб тым, якія чыпы на іх сапраўды былі. Але ўсё гэта, нажаль, ужо не ў межах правілаў. Праблемы з адзнакай былі і ў шматлікіх удзельнікаў на эстафеце: не заўсёды працаваў 37 КП. Але дзіўна тое, што пасля замены станцыі, праблема не знікла, новая станцыя таксама працавала неяк незразумела. Так напрыклад, адзнакі 37 КП не было ў трэцяга этапа дзявочай эстафетнай каманды БДПУ, але дыскваліфікаваны яны не былі. Ізноў невядома, выцягвалася ці не інфармацыя са станцый. А вось у Наталлі Грышанавай не было адзнакі іншага КП, інфармацыю з той станцыі не выцягвалі. Аляксея Лабчэўскага канешне можна зразумець, але факт застаецца фактам: электроніка адпрацавала на «незалік».
 
Галоўным недахопам, нажаль, працягвае заставацца адно і тое ж: мапы і дыстанцыі. З году ў год Універсіяда праводзіцца ў Мінску – такога няма ў іншых відах спорту! Пры гэтым, арганізатарам дакладна вядома, якія магчымасці ёсць у рэгіёнах, аднак працягваем бегаць па мапах кшталту «Зяленага стадыёну». І калі спрынт сёлета быў добры, то мапа класікі была зусім не таго ўзроўню, як таго хацелася б удзельнікам. Пры гэтым у Раўбічах ужо было праведзена такое мноства стартаў з тымі ж недахопамі, што паўстае пытанне, чаму арганізатары ізноў лезуць у гэты раён. Што тычыцца эстафеты, то тут усё нажаль зусім «не вельмі»: маштаб 1:5000, мноства не зусім карэктна намаляваных месцаў на мапе разам з аднатыпнымі кропкамі для усталёўкі КП – усё гэта проста не дазваляе выкарыстоўваць такую мясцовасць для сур’ёзных стартаў. Але маем што маем, шкада толькі тое, што ёсць канкрэтныя прапановы ад рэгіёнаў, якія ўжо які год ніхто не заўважае, альбо не жадае заўважаць.
 
Акрамя таго, склад галоўнай судзейскай калегіі з года ў год не змяняецца, а шкада. Канешне непрыемна кагосці ў чымсці абвінавачваць, але арыентаванне, гэта не той спартыўны від, у якім чалавек, які ледзь здольны прабегчы на ўзроўні другога разраду, бяжыць як КМС, і менавіта ў патрэбны момант. Такія факты здараюцца ў нас нажаль кожны год з адной з каманд, але што тут казаць, хай гэта будзе на сумленні гэтага трэнера.
 
Што тычыцца падрыхтоўкі нашай каманды БДУ, то лічу што ўсё ж такі выступаць за каманду павінны тыя хто лепш арыентуецца і хутчэй бегае. Як бы гэта непрыемна для некаторых не гучала, але можна трэніравацца гадамі, і так і не дасягнуць добрага ўзроўню, а ёсць людзі, якім гэта дадзена ад прыроды, і не заўважаць такіх самародкаў – гэта недапушчальная раскоша.
 

Зборная БДУ заняла 2 месца на Рэспубліканскай Універсіядзе

 
Нягледзячы на ўсё, жадаю яшчэ раз павіншаваць тых хто змагаўся за гонар Універсітэта, другое месца – гэта выдатны вынік! Хай штосці і не атрымалася, але ўсё роўна усе выстаялі і зрабілі тое, на што былі здольныя. Асабліва жадаю падзякваць Юле Цвірбут, якая хоць і не выступае за КА «БДУ» на іншых спаборніцтвах, так цягнула каманду наперад! Спадзяюся, што тая нестабільнасць, якая яшчэ існуе ў некаторых, знікне на наступны год.
 
Дакладныя вынікі гэтай Універсіяды можна пабачыць на www.obelarus.net а тут вас чакае невялічкі фотарэпартаж.
24.05.2010Антось