Клуб ориентирования БГУ Клуб ориентирования
Белорусского государственного университета
главная о клубесоревнованиятренировкибиблиотекагостевая
Спартыўнае арыентаванне

Прысвячаецца памяцi Станiслава Фёдаравiча Рыжанкова.

…аднойчы ў трэнерскай Станiлаў Фёдаравiч папрасiў мяне напiсаць кнiгу па спартыўнаму арыентаванню, у тым лiку i па гiсторыi спартыўнага арыентавання ў БДУ. Ён сказаў, што дапаможа мне ва ўсiм, чым зможа: i з матэрыяламі, i з архiўнымi дакументамi, i сам раскажа шмат цiкавага пра арыентаванне, i дапаможа з выданнем кнiгi. Станiслаў Федаравiч сказаў таксама, што ўсе арыентыроўшчыкi будуць удзячны за гэтую кнігу. Тады я хоць i зацiкавiўся яго прапановай, але вялiкай увагi словам яго не надаў…

Цяпер Станіслава Фёдаравіча ўжо няма сярод нас…

Я лiчу, што гэтая кнiга – мой доўг памяцi Станiслава Фёдаравiча Рыжанкова.
 

Што ж такое спартыўнае арыентаванне?

Спартыўнае арыентаванне – спаборніцтвы паарыентаванню з хуткім перамяшчэннем па мясцовасці з выкарыстаннем буйнамаштабнай мапы і компаса. Мэта спаборніцтваў – неабходна як мага хутчэй прайсці дыстанцыю паводле дакладнавызначанага і пазначанага на мапе парадку. Праводзяцца спаборніцтвы ў зададзеным накірунку як на маркіраванай мясцовасці (зімой на лыжах спартсмен звычайна рухаецца па адзначанай сцяжкамі трасе і наносіць на мапу кантрольныя пункты), так і па выбранай трасе (зададзеную колькасць кантрольных пунктаў спартсмен знаходзіць на мясцовасці ў любой паслядоўнасці, выбіраючы свабодна па азімуце шлях да кожнага з іх).

На Беларусі спартыўнае арыентаванне развіваецца на працягу амаль 40 год (з 1964 года). Чэмпіянаты свету пачалі праводзіцца з 1966 года.
 

На старт выходзяць усе…

Задача удзельнiкаў спаборнiцтваў па спартыўнаму арыентаванню з'яуляецца праходжанне з прымяненнем мапы i компаса кантрольных пунктаў (КП),якiя размешчаны на мясцовасцi.

Вынiкi удзельнiкаў спаборнiцтваў вызначаюцца па часу праходжання дыстанцыi.

Спаборнiцтвы падзяляюцца на наступныя вiды:

    • арыентаванне па выбару

    • арыентаванне ў зададзеным напрамку

    • арыентаванне па маркiраванай трасе

Арыентаванне па выбару гэта праходжанне зададзеннай колькасцi КП з лiку ўстаноўленых у раёне спаборнiцтваў. Выбар КП і парадак iх праходжання вызначаюцца самiм удзельнiкам. Неаднаразовы выхад на адзiн i той жа КП залiчваецца толькi адзiн раз.

Старт можа быць агульным цi групавым. Кантрольныя пункты абсталяваны чырвона-белым знакам “КП” стандартных памераў 30x30 см., як на летнiх, так i на зiмовых спаборнiцтвах. Вынiк удзельнiка вызначаецца па часу, затрачанаму на “ўзяцце” заданай колькасцi КП. Кантрольныя пункты знаходзяцца так, каб адлегласць памiж блiжэйшымi пунктамi складала да 500 м. Кожны КП мае абазначэнне, якое складаецца з двузначных лiчбаў, пачынаючы з 31. Абазначэнне кожнага КП павiнна быць адзiным, iндывiдуальным, незалежна ад таго, колькi дыстанцый перасякаецца ў дадзеннай кропке.

КП забяспечваюць сродкамi адметкi, якiя замацоўваюцца непасрэдна над прызмай, з мiнiмальным перавышэннем над ней. Сродкi адметкi павiнны быць аднатыпнымi (алоўкi, кампосцеры, штампiкi i г.д.). Узор адметкi вывешваецца каля месца старту. Дапушчальная i адметка ў выглядзе крыжа ў адпаведнай картачцы ўдзельнiка каляровым алоўкам, якi знаходзiцца на КП.

Месцы старту i фiнiшу абсталююцца плакатамі з подпiсамi “Старт” i “Фiнiш” i агароджваюцца калiдорамi даўжынёю не менш 20 м ад лiнii старту (фiнiшу) у абедзьва бакi. Калi адначасова стартуюць удзельнiкi розных груп, калiдоры для кожнай з iх абазначаюць адпаведнымi паказальнiкамi. Кропка пачатку арыентавання павiнна быць сумешчана з тэхнiчным стартам. Калi старт знаходзiцца па-за мапай, кропка пачатку арыентавання абсталюецца асобна, а шлях да яе маркiруецца.

Фiнiшны калiдор абсталюецца ў выглядзе лейкi, каб забяспечыць прыём удзельнiкаў з усiх верагодных напрамкаў.

Вынiк удзельнiка вызначаецца па часе, які ён затрацiў на праходжанне зададзеннай колькасцi КП. Пры аднолькавым вынiку ў дзвух цi некалькiх удзельнiкаў перавага аддаецца таму, хто раней стартаваў.

Падрыхтоўка да спаборнiцтваў.

Спартсмен-арыентыроушчык павiнен умець працаваць з компасам, вымяраць пройдзенную адлегласць, вытрымлiваць патрэбны напрамак, чытаць мапу, звяраць яе з мясцовасцю, сачыць за саперднiкамi, сувымяраць свае сiлы.

Для падрыхтоўкi да спаборнiцтваў неабходна навучыцца працаваць з компасам. Патрэбна палажыць компас на мапу так, каб яго бакавая планка праходзiла праз пачатковую “старт” i канчатковую “фiнiш” кропкi руху. Потым павярнуць частку корпуса (колбу), якая верцiцца, такiм чынам, каб лiнii на дне колбы сталi паралельнымi магнiтнаму мерыдыяну на мапе. Асаблiвую ўвагу патрэбна звярнуць на тое, каб падвойная лiнiя на рухомай частцы корпуса была звёрнута на поўнач.

Убраць мапу. Компас трымаць гарызантальна на далонi, потым павярнуцца так, каб пауночны канец стрэлкi прыпынiуся каля “О” лiмб. Асявая лiнiя пластмасавай пласціны ўкажа напрамак руху. Перад пачаткам руху стаць тварам у патрэбным напрамку, трымаючы компас у паўсагнутай руцэ. Пры руху на дыстанцыi патрэбна сачыць, каб стрэлка не выходзiла з мяжы падвойнай лiнii, а напрамак руху супадаў з васявой лiнiяй пласцінкi. Рухаючыся па азiмуце, спартсмен выкарыстоўвае лiнейныя (прасека, лагчына, дарога, ручай, канал i г. д.) альбо пляцовачныя арыенціры (паляна, возера, высечка). Вызначыўшы напрамак руху, патрэбна рухацца некаторы час, паглядаючы на компас. Пры падыходзе да кантрольнага пункта патрэбна быць уважлiвым, супакоiцца і праверыць сумяшчэнне мапы з мясцовасцю. Выйсцi на дакладную прывязку (раён, дзе знаходзiцца КП) i выкарыстоўваць адзiн са спосабаў вымярэння адлегласцi.

У практыцы спаборнiцтваў выкарыстоўваюцца наступныя спосабы вымярэння адлегласцi: з дапамогай крокаў i вiзуальна (вакамерна), калi адзiн аб`ект бачны з другога.

Спосаб вымярэння адлегласцi крокамi – самы просты i самы распаўсюджаны, якi пазваляе пры пэўных звычках i адпаведнай трэнiроўцы забяспечыць дастатковую дакладнасць. Арыентыроўшчыку даводзiцца перамяшчацца па розных тыпах мясцовасцi. У любых абставiнах можа паўстаць неабходнасць змераць якi-небудзь адрэзак шляху, таму спартсмен павiнен ведаць даўжыню свайго крока для розных, раней пералiчаных умоў. Задача ўскладняецца, калi ўлiчыць, щто ў канцы дыстанцыi пад уплывам стомленасцi даўжыня яго крока змяншаецца. Для адработкi крокамернага спосабу спачатку патрэбна высвятліць, колькi параў крокаў змяшчаецца ў 100 метрах. Вымярыўшы гэту адлегласць на роўнай дарозе мернай лентай, праходзяць i прабягаюць гэты адрэзак у сярэднiм тэмпе. Усе дадзеныя зводзяцца у таблiцу:

Замеры — колькасць крокаў — колькасць крокаў — вiд руху — колькi параў крокаў 
              пешшу              бегам                        у 100 метрах
1-ы             65                38            хадзьба             65
2-гi            67                40          бег па дарозе         40
3-цi            63                42           бег у лесе           50
У сярэднiм      65                40                                51,5

Тую ж аперацыю паўтараюць, адмерыўшы 200 м. на роўнай дзялянцы лесу, на перасечанай мясцовасцi i на дарозе з невялiкiм (10-12`) уклонам. Вынiкi гэтых вымярэнняў заносяцца ў таблiцу, якая дапаможа ашчаджаць час на спаборнiцтвах. Каб улiчыць уплыў стомленасцi на вымярэнне даўжынi крока, карысна на трэнiроўках перад тым, як пачаць падлiк крокаў, прабегчы 200-300 метраў.

Вiзуальны (вокамерны) спосаб.

Вiзуальны (вокамерны) спосаб вызначэння адлегласцi можна прымяняць пры руху па дарогах, прасеках, у рэдкiм лесе, па адкрытых прасторах. Гэты спосаб патрабуе пастаяннай трэнiроўкi, у час якой спартсмен шматразова ацэньвае даўжыню розных адрэзкаў i потым вымервае iх з дапамогай мапы цi крокамi. Пры вызначанай звычцы памылка ў вымярэннях можа быць параўнальна малая. У практыцы спаборнiцтваў неабходнасць вокамернай ацэнкi вялiкiх адлегласцей сустракаецца рэдка, таму практыкавацца патрэбна ў адрэзках 50x100 м. Можна выкарыстаць наступны прыём – у думках уявiць даужыню вызначанага, добра вядомага эталона (100-мятровая бягавая дарожка, 25-мятровы басейн i г. д.) i параўнаць яго з ацэньваемай адлегласцю. Так як спартсмену даводзiцца вызначаць адлеглаць на бягу, на трэнiроўцы патрэбна адпрацоўваць гэты спосаб прыблiжана да умоваў спаборнiцтваў.

Арыетыроўшчыку ўвесь час даводзiцца сутыкацца з неабходнасцю вымярэнняў на мапе, у прыватнасцi з вымярэннем адрэзкаў у мiлiметрах. Ведаючы маштаб мапы, спартсмен лёгка вызначае патрабуемую адлегласць на мясцовасцi.

Чытанне мапы

Вывучэнне спартыунай мапы можна пачаць з таго, што такое мапа. Дзякуючы маштабу, мы бачым у колькi разоў зменшана выяўленне дадзеннай мясцовасцi на паперы. Спартыўныя мапы прымяняюцца ў маштабе 1:10 000 (закрэслiваем апошнiя два нулi значыць у 1 см :100 м) 1:15 000 альбо 1:20 000.

Пры працы са спартыўнай мапай не трэба ўлiчваць магнiтнае схiленне, так як яно ўжо ўлiчана пры складаннi мапы. Па ўсей плошчы мапы для забяспячэння працы з компасам праз 500 м (5 см) праводзяцца лінii, якiя паралельныя магнiтнаму мерыдыяну.

Вывучэнне ўмоўных знакаў (азбука арыентыроўшчыка) спартыўных мапаў рэкамендуецца праводзiць па наступных раздзелах:

1 – рэльеф i выхады горных парод
2 – гiдраграфія
3 – раслiннасць
4 – штучныя збудаваннi
5 – знакi абазначэння дыстанцыi i дадатковага афармлення мапаў

Галоўнае прызначэнне ўмоуных знакаў – даць спартсмену iнфармацыю аб мясцовасцi. Для зручнасцi чытання мапы замалёўваюцца адкрытыя прасторы жоўтым колерам – палi, лугi, паляны ў лесе, але не сам лес.

Як правiла, у спаборнiцтвах па арыентаванню выкарыстоўваюцца мапы ў шасцi колерах. Населенныя пункты заштрыхоўваюць чорным контурам без паказу асобных будынкаў.

Спаборнiцтвы па арыентаванню праводзяцца згодна з правiламi, зацверджанымi Мiнiстэрствам спорту i турызму РБ.

Нарматыўныя патрабаваннi комплекса ГПА (“Гатоу да працы i абароны”) па спартыўнаму арыентаванню ў спаборнiцтвах па выбару з зададзеннай колькасцю КП наступныя:

Ступень     Узрост    Пол   Даўжыня     Колькасць КП     Нормы часу (хв.) 
                           дыстанцыi                  сдадзена залаты значок 
1 ГПА       16-17      Ю      4,0           7            56         44
            16-17      Дз.    3,0           5            62         45
2 ГПА       18-29      М      5,0           8            60         50
            30-39      М      4,0           7            56         44
            18-29      Ж      3,0           7            60         40
            30-39      Ж      3,0           7            65         44

Забяспячэнне арыентыроўшчыка.

У спаборнiцтвах па спартыўнаму арынтаванню выкарыстоўваюцца розныя вiды компасаў тыпу “ Бусел”, “КЖС-1”, “Сокал”, “Спорт”, “Лідэр” і г. д., спецыяльна прызначаныя для бегу. Зручныя i надзейныя ў эксплуатацыi вадкасныя компасы.

Компас у арыентыроўшчыка можа знаходзiцца ў правай руце, тады як мапу патрэбна трымаць у левай.

У картачцы ўдзельнiка спартсмен робiць адзнаку аб праходжаннi КП – гэта асноуны кантрольны дакумент, якi здаецца на фiнiшы. Картачка удзельнiка замацоўваецца на запясцi рукі шнурком так, каб вялiкi палец мог разам з указальным пальцам дацягнуцца да клетачкі, дзе патрэбна ставiць адзнаку КП. Гэта дазволiць пры наблiжэннi да пункта, не прыпыняясь, знайсцi i падрыхтаваць да адзнакi патрэбную клетачку. Пры адзнацы алоўкам можна ўмацаваць картачку ўдзельнiка да мапы (узiмку да рукава) скочам цi шпiлькай. У дажджлiвае надвор’е картачку ўдзельнiка патрэбна абклеiць скочам, а мапу змясцiць у планшэтку з пакетам (больш зручна).

Для абароны ад крапiвы, калючага хмызняку i ветак арыентыроўшчыкi бегаюць у спецыяльным адзеннi (касцюме). Выкарыстоўваюць штаны, сшытыя з трыкатажнага нейлона цi капрона таму, што трыкатажныя штаны з бавоўны i шэрсцi не падыходзяць, бо яны пры намаканнi становяцца вельмі цяжкiмi i лёгка чапляюцца за сучкi. Спартыўная майка патрэбна быць з рукавамi. На галаву надзяваюць кепку з цвёрдым казырком. Тым, хто носiць акуляры, пажадана выкарыстоўваць кантактныя лiнзы, а калi iх няма, то акуляры патэбна добра ўмацаваць на галаве. Пры вiльготным надвор’i патрэбна нацiраць шкло акуляраў мылам цi спецыяльнай вадкасцю супраць запацення. На ногi адзяваюць спецыяльны абутак – красоўкi на гумавай падэшве з непрамакаемым верхам цi кеды, якiя можна прапiтаць спецыяльным клеем БФ ад намакання.

Бег з арыентаваннем на палiгоне.

Для спрашчэння арганізацыi вучэбна-трэнiровачных заняткаў i правядзення масавага спаборнiцтва по сдачы нормаў комплекса ГПА абсталяваны і выкарыстоўваюцца палiгоны:

1.  “Зялёны Луг-5”                      усталявана 19 КП
2.  “Зялёны Луг-6”                      усталявана 18 КП
3.  Ждановiчы                           усталявана 20 КП
4.  Ст. Крыжоука, злева                 усталявана 16 КП
5.  Зялёнае, злева                      усталявана 20 КП
6.  Памыслiшча, злева                   усталявана 15 КП
7.  Парк iмя 50-годдзя Кастрычнiка      усталявана 50 КП
8.  Камсамольскае возера                усталявана 20 КП

Палiгон – гэта ўчастак, пакрыты лесам ад 70 да 96%, забяспечаны картаграфiчным матэрыялам (спартмапамi) i абсталяваны пастаяннымi кантрольнымi пунктамi, якiя абазначаны на дрэве па крузе чырвонымi i белымi лiнiямi (фарбаю шырынёю не больш за 10 см).

У асобных выпадках кантрольныя пункты абсталяваны чырвона-белаю прызмаю (што сказана ў інфармацыi перад стартам).

Кантрольны пункт мае нумар i лiтарны шыфр-пароль, напрыклад: 31-В, 32-І, 33-К i г.д.

Плошча, занятая пад палiгон, адвольнай канфiгурацыi, прыкладна ад 1км кв. i больш.

Для забяспячэння бяспекі, палігон мае дакладныя межы: аўтамабільныя дарогі, шашы, палі, шырокія лясныя прасекі, водныя перашкоды, якія бачныя (чытаюцца на мапе) альбо маркіраваныя чырвонай ці белай фарбамі.

Картаграфічны матэрыял выкананы ў колеры і выкарыстоўваецца ў розных маштабах пры правядзенні мерапрыемстваў, падрыхтоўцы дыстанцый:

М 1:20 000 у 1 см. 200 м.

М 1:15 000 у 1 см. 150 м.

М 1:10 000 у 1 см. 100 м.

Мапы маштаба 1:10 000 больш падрабязныя, на ніх нанесена больш дробных арыенціраў, чым на іншых мапах.

Усе прапанаваныя дыстанцыі адпавядаюць узроўню, прыгоднаму для правядзення спаборніцтваў сярод навічкоў і спартсменаў-разраднікаў. Для кожнай дыстанцыі вызначаны кантрольны час. Кантрольны час – гэта не толькі паказальнік падрыхтаванасці удзельнікаў спаборніцтваў, але і адзін з асноўных элементаў тэхнікі бяспекі. Пасля таго, як удзельнік пратэрмінуе кантрольны час, яго пачынаюць шукаць. Кантрольны час вызначаецца з вялікім запасам з разліку 25 хвілін на кіламетр. Хуткасць пешахода, напрыклад, складае 10-12 хвілін на кіламетр. Для тых, хто здае нормы ГПА канрольны час не павінны перавышаць 65 хвілін.

Адной з асноўных задач, якія стаяць перад спартсменам у спаборніцтве на палігоне, з`яўляецца ўменне вызначыць у любы момант сваё месцазнаходжанне. Гэта задача выконваецца шляхам злічэння мапы з мясцовасцю. Кожны раз, раней як супаставіць мапу з мясцовасцю, неабходна пры дапамозе компаса зарыентаваць мапу, г.зн. размясціць яе так, каб паўночны бок рамкі быў звернуты на поўнач. Гэтую ж аперацыю можна зрабіць і без компаса, выкарыстоўваючы мясцовыя прадметы. З гэтай мэтай вельмі зручна карыстацца лінейнымі арыенцірамі – дарогамі, прасекамі, ручаямі і г. д. Мапу разварочваюць паралельна лінейнаму арыенціру (напрыклад дарозе) такім чынам, каб размяшчэнне знакаў-арыенціраў на мапе (узгорак, асобнастаячае дрэва, будынак, ручай) адпавядала размяшчэнню гэтых арыенціраў на мясцовасці. У якасці лінейнага арыенціра можна выкарыстаць напрамак з аднаго прадмета на другі. Па бліжэйшых прадметах (узгорак, паляна, высечка, вугал лесу, перакрыжаванне дарог і г.д.) можна вылічыць кропку свайго знаходжання на мапе.

Уменне злічаць мапу з мясцовасцю адыгрывае вялікую ролю пры згубленні арыенціроўкі. Апынуўшыся у гэтай сітуацыі спартсмен перш за ўсё павінен прыгадаць тое месца, дзе арыенціроўка яшчэ не была згублена. Потым патрэбна узнавіць у памяці напрамак руху з гэтага месца і час, які быў затрачаны на апошні адрэзак маршруту. Падлічыўшы адлегласць, можна акрэсліць на мапе прыблізныя межы раёна свайго месцазнаходжання.

Пасля гэтага пачынаецца працэс непасрэднага супастаўлення мапы з мясцовасцю, на працягу якога спартсмен спрабуе знайсці на мапе арыенціры, якія ён бачыць вакол сябе. Знайшоўшы які-небудзь арыенцір, варта праверыць сваю здагадку па другіх мясцовых прадметах, улічваючы іх узаемнае размяшчэнне. Калі арыенціры размешчаны не так, як яны паказаны на мапе, значыць межы раёна вызначаны не правільна. У гэтым выпадку патрэбна паспрабаваць выйсці на лінейны арыенцір ці на мясцовасць з выразным рэльефам, дзе можна вызначыць кропку свайго знаходжання з большай дакладнасцю. Часам можна дасягнуць станоўчага выніку, калі вернешся назад, да месца, дзе арыенціроўка не была згублена. Спартсмена-арыентыроўшчыка не павінна пужаць гублянне часу на вяртанне. Практыка паказвае, што бессістэмнае прачосванне мясцовасці звычайна не прыносіць поспеху.

Некаторыя спартсмены (звычайна, навічкі) стрымгалоў убягаюць у лес у спадзяванні на тое, што лёгка знайдуць кантрольныя пункты, але ж час ідзе, а іх усё няма. Як мы бачым, імкненне паказаць высокі вынік часта прыводзіць да цалкам супрацьлеглага.

Для таго, каб было менш памылак, патрэбна выконваць наступную запаведзь вопытных арыентыроўшчыкаў:

    1. Не перавышаць хуткасць бегу. Для кожнага спартсмена, ў залежнасці ад яго фізічнай і тэхнічнай падрыхтоўкі, існуе крытычная хуткасць. Перавысіўшы яе, спартсмен хутка стамляецца, пачынае дрэнна “чытаць” мапу і арыентавацца на мясцовасці. Падчас ён нават губляе кантроль над накірункам свайго руху. То ўлева, то ўправа яго цягне нейкая “невядомая сіла”, хоць компас і сонца паказваюць адзін-адзінюткі накірунак. У гэты момант патрэбна неадкладна скінуць хуткасць, вызначыць сваё месцазнаходжанне, намеціць спосабы выпраўлення памылак і толькі пасля гэтага адпраўляцца далей. У процілеглым выпадку на фінішы не давядзецца шукаць сваё імя ў першай палове табліцы.

    2. Заўсёды намячаць арыенцір, ад якога вядзецца пошук кантрольнага пункта. Гэта робіцца заўсёды, незалежна ад таго, ідзеш ты са старту ці з КП. Выйшаўшы на канцавы арыенцір ці “прывязку”, неабходна знізіць хуткасць і спакойна “ўзяць” КП. Пачынаючы рух на наступным этапе, наабходна зноў дакладна намеціць канцавы арыенцір. Тады рух па маршруце будзе мэтанакіраваным, хуткасным і менш стомным. Вядучыя арыентыроўшчыкі не толькі намячаюць напрамак руху на перагон, а праглядаюць тры-чатыры перагоны. Гэта дапамагае ацаніць трасу, а зразумеўшы характар мясцовасці на першым перагоне, скарэкціраваць далейшыя шляхі руху.

    3. Калі не ўдалося знайсці КП з першага заходу – не губляцца, не кідацца з боку ў бок. Калі вы ўпэўнены, што зыходная “прывязка” выбрана правільна то неабходна ў раёне магчымага КП аглядзець мясцовасць ў радыусе 50 метраў. Калі КП зноў не будзе знойдзены, то неабходна выйсці да новай “прывязкі” і зрабіць заход ад яе.

    4. Дапусціўшы памылку, не ўзнімаць празмерна тэмп у спробе нагнаць страчаны час. Патрэбна памятаць пра крытычную хуткасць. Адна памылка можа выклікаць за сабой і іншыя.

Спабоорніцтвы па арыентаванню патрабуюць вялікіх разумовых і фізічных намаганняў. Пры іншых роўных умовах больш высокі рэзультат можа паказаць толькі добра трэніраваны, фізічна падрыхтаваны спартсмен. Пры добрай фізічнай падрыхтоўцы разумовая стомленасць наступае значна пазней.

Для таго, каб у далейшым дасягнуць у арыентаванні добрых вынікаў, патрэбна трэніравацца гэтак жа, як трэніруюцца лёгкаатлеты-стаеры: бо сапраўдныя арыентыроўшчыкі спаборнічаюць на дыстанцыях 14-16 км., а часам і на марафонах, дасягаючых 25-30 км. Каб стаць сапраўдным спартсменам-арыентыроўшчыкам, неабходна таксама рэгулярна практыкаввацца з мапай і компасам, трэніраваць сваю памяць і развіваць назіральнасць.

Авалодаўшы “сакрэтамі” вымярэння адлегласцей на мясцовасці і руху па азімуце, неабходна ўвесь час удасканальваць сваю тэхніку. На трэніроўках ніколі не варта выбіраць больш лёгкія абходныя шляхі па сцежках і дарогах, патрэбна як мага часцей хадзіць па азімуце напрасткі. Гэта больш высокі клас. А добрая тэхніка заўсёды будзе памочніцай ў час адказных спаборніцтваў.

 

27.11.2003Андрэй Якаўлеў