Клуб ориентирования БГУ Клуб ориентирования
Белорусского государственного университета
главная о клубесоревнованиятренировкибиблиотекагостевая
Вытрымка з дзённiка Андрэя Якаўлева за 2003 год

Кубак БДУ па эстафетах праходзiў 15 — 16 сакавiка. Фактычна, гэта былi першыя спаборнiцтвы ў новым сезоне. Зiма зацягнулася i 9 сакавiка, за тыдзень да спаборнiцтваў, яшчэ ляжаў глыбокi, па калена снег. Дзякуючы адлiзе на пачатку тыдня, снег добра парастаў, але з серады вярнулiся маразы. Некаторыя, нават, задавалiся пытаннем: "Цi варта праводзiць спаборнiцтвы пры такiх умовах надвор'я?" Пасля некаторых ваганняў вырашылi не адмаўляцца ад правядзення. На спаборнiцтвы заявiлася багата народу — старт усё ж рэйтынгавы! Першы дзень бегалi па мапе Зялёны луг-5. Дыстанцыя была спланавана дакладна, за выключэннем аднаго пiкета, якi стаяў верна, але на мясцовасцi вызваў цяжкасцi з-за таго, што не было дакладных прывязак. Другi дзень — славутая мапа Мядзвежына, багатая на разнастайныя элементы рэльефу. Падчас спаборнiцтваў паказалi свой клас Жураўлёвы. Усё правялi выдатным чынам, каб не падпорцiлi настрой скрадзеныя пiкеты. Злодзеi скралi ажно 5 пiкетаў, i калi пра 3 пiкеты можна было падумаць, што iх знеслi нейкiя там бабкi, цi сабачнiкi, то за астатнiмi дзвума звычайны чалавек не палез бы. Вось i думай, хто гэта мог быць, чужыя цi свае?

"Брэсцкая пралеска 2003". На гэты раз спаборнiцтвы правялi яшчэ ў сакавiку (28 — 30.03), што для студэнтаў, ды й зрэшты, i для ўсiх астатнiх, атрымалася выгодна, бо ў красавiку, як звычайна, даражэюць чыгуначныя бiлеты. Калi да Брэста бiлет на электрычцы (37 зонаў па 150 руб.) каштаваў 5550 рублёў, то з 1 красавiка — 7400. Даражэлi бiлеты i на цягнiкi. Спадарыня Лебедзева iзноў паехала ў Брэст на цягнiку, прыехала рана, таму яшчэ 2 гадзiны сядзела i чакала электрычку з Мiнска. Старт планаваўся ў 1430, таму рукзакi пакiнулi ў цэнтры турызму, а самi, ужо ў каторы раз пайшлi гуляць па крэпасцi. Знайшлi цiкавыя аб'екты — будынак былога шпiталя, дот ля музея "Бярэсце", стары прычал на Заходнiм Бузе. У раёне Усход, ля будынка Дома культуры прафсаюзаў (недалёк ад Белай царквы) на новай мапе арганiзавалi старт. На фiнiш усе прыбягалi падрапаныя шыпамi акацыi. Наступны дзень планаваўся ў Ляплёўцы, таму мы ўжо ў пятнiцу паехалi да места старту. Ужо другi раз запар (чытай — традыцыйна) мы загадзя выязджаем да месца старта другога дня разам з камандай БДПА. Ставiлi палаткi ўжо ў цемры. Ранiцай трохi пад'елi i — на дыстанцыю. Дыстанцыя ўсiм спадабалася, можа, таму што мапа не забеганая. Пасля старту мы рушылi ў Дамачава, каб далучыцца да цывiлiзацыi — усе ж такi пасёлак гарадскога тыпу. У Дамачава, якое добра жыве менавiта дзякуючы пагранпераходу, сапраўды было нейкае падабенства да цывiлiзацыi: пошта, перадатчык Velcom, лазня, бальнiца, касцёл, царква, дом iнвалiдаў, 5 крамаў i, нават, бар. Уначы з суботы на нядзелю пераводзiлi стрэлкi гадзннiка на 1 гадзiну наперад, таму усе спалi на гадзiну меней. У вынiку спалi толькi некалькi гадзiн, бо а чацвёртай гадзiне неабходна было збiрацца на дызель да Брэста (5.38). Эстафеты бегалi ў Брэсце. Рэльеф плоскi, эстафеты былi надзвычай дынамiчнымi. Нашай лепшай камандзе "БДУ-Ласi" не пашансавала — яны занялi 2 месца, саступiўшы хахлам. Сёлета Копаць даў старт раней, чым звычайна — у 9.30. Гэта дазволiла мiнскiм камандам паспець адбегаць i паехаць на электрычцы на 12.00.

1 красавiка. БДУ больш за месяц рыхтавалася да правядзення гэтага старту, а тут раз — i такое дрэннае надвор'е. Слупок тэрмометра ўдзень першага красавiка апусцiўся нiжэй за нуль, а калi ўлiчыць моцны сцюдзёны вецер, то становiцца зразумелым, чаму ў спаборнiцтвах удзельнiчала толькi крыху больш за 30 чалавек. Нехта можа назваць iх усiх дурнямi, я бы назваў iх смелымi. А храбрасць — неабходная частка спартыўнага арыентавання: пабегчы напрасткi цераз балота, цi зрабiць крук; палезцi праз хмызняк, цi аббегчы яго; ну а бегаць па лесе ўначы ўвогуле нiхто, акрамя арыентыроўшчыкаў не будзе. Саму дыстанцыю даволi добра апiсаў Лёша Лабчэўскi, якi, дарэчы, сам не бегаў, хоць мог бы ўзяць прыклад са свайго бацькi i пабегаць.

2 красавiка. Другi этап "Зялёнага стадыёна". Надвор'е палепшала, выгянула сонейка i народ адважыўся прыехаць на спаборнiцтвы. Людзей прыехала многа — амаль столькi ж, як i на адкрыццi "Зялёнага стадыёна". Былi, канешне, некаторыя заўвагi, але ўвогуле ўсё было арганiзавана даволi добра.

"Фестываль арыентавання". Увесь дзень 5 красавiка iшлi спаборнiцтвы. Але ўсё па-парадку. Прачнуўшыся ранiцай, усе ўбачылi на вулiцы снег, i, каб стартавыя ўзносы не былi ўплачаны загадзя, мала хто бы прыехаў. На фестываль толькi БДУ выставiла не многа не мала — 26 чалавек. Больш за ўсё ўдзельнiкаў было ў спрынце. Спрынт распачаўся а адзiнаццатай гадзiне, апошнiя ўдзельнiкi стартавалi ўжо пасля дванаццацi. Разам са спрынтам распачалiся спаборнiцтвы па хуткай адметцы. Вось тут у арганiзатараў i праявiлiся хiбы ў арганiзацыi. Зразумела, што на такiм холадзе спартсмены пераапраналiся толькi хвiлiн за дзесяць да свайго старту, таму на хуткую адметку, не прабяжаўшы спрынт, мала хто прыходзiў. А пасля спрынту атрымалася такая чарга, што не ўсе аплацiўшыя старт змаглi стартаваць. Хай не крыўдзiцца глыбокапаважаны спадар Марозаў, але гэта — правал у арганiзацыi. i было б лепш не абурацца па гэтаму поваду, а прадумаць гэты маленькi момант на наступны год. Спаборнiцтвы па велаарыентаванню былi добра арганiзаваны. А тое, што iх паказалi па цэнтральных тэлеканалах (АНТ i СТБ) — увогуле цудоўна, бо садзейнiчае прапагандзе нашага вiду спорту. Але адчуваўся востры недахоп веласiпедаў. Вось за што патрэбна шчыра падзякаваць "Белай Русi", дык гэта за спаборнiцтвы па начному арыентаванню — яны былi праведзены на найвышэйшым узроўнi. Па-першае, суддзi перанеслi старт з 21 гадзiны вечара на 20.30. Гэта дазолiла ўдзельнiкам, якiя прыехалi не на аўто, адбегаць i паспець на электычку на 22.38 (наступная — 24.00). Затым, на старце правялi святло i, нават, паставiлi тэлевiзар — так што мы змаглi паглядзець рэпартаж АНТ аб арыентаваннi. Ды й сама дыстанцыя была спланавана належным чынам — былi розныя варыянты бегу нават уначы. Ну што сказаць, нягледзячы на неспрыяльныя ўмовы надвор'я, фестываль атрымаўся.

6 красавiка. Трэцi этап "Зялёнага стадыёну". Калi ў суботу зямля была яшчэ цёплая i снег, што выпаў напярэдаднi ўначы i ранiцай, днём парастаў, то ў нядзелю снег пачаў закрываць усю зямлю i таяць зусiм не збiраўся. На такiм холадзе ручкi пiсаць адмаўлялiся i значна выйгралi тыя, хто пераносiў дыстанцыю алоўкам, цi маркерам. Для некаторых арыентыроўшчыкаў самая галоўная мэта была дабегчы дыстанцыю i не сысцi. Ну аб чым можна гаварыць, калi перанесеная на мапу дыстанцыя была практычна нябачная. Часам атрымоўвалася так, што прыбягаеш да мяркуемага КП, а аказваецца, што гэта зусiм не пiкет, а лiчба, накрэмзаная каля амаль нябачнага кружочка КП.

05.12.2003Андрэй Якаўлеў